История д.Оздамичи

Вёска Аздамічы размешчана ў маляўнічым кутку прыроды на поўдні Беларусі, недалёка ад  рэчкі Моствы. Яна ўпадае ў крыху большую па памерах рэчку Сцвігу, якая адносіцца да басейна ракі Прыпяць.

У пяці кіламетрах ад вёскі, на поўдзень, размяшчаецца вялізны забалочаны лясны масіў  “Альманскія балоты”, які цягнецца далей і займае значную тэрыторыю Украінскага Палесся. Характэрызуючы геаграфічнае становішча вёскі на мезаўзроўні можна сказаць, што яна знаходзіцца на поўдні азёрна-алювіальнай і флювіагляцыяльнай раўніны Прыпяцкага Палесся, якая распрасціраецца ад Заграддзя на захад да Мазырскай раўніны на ўсходзе. Разглядаючы геаграфічнае становішча на мапраўзроўні,  паселішча знаходзіцца на поўдні Беларускага Палесся.

Гаворачы аб эканоміка-геаграфічным становішчы, мэтазгодна адзначыць, што ў цэлым, населены пункт мае выгаднае эканоміка-геаграфічнае становішча.

Вёска знаходзіцца на паўднёвым усходзе Столінскага раёна, які  з’яўляецца ўскраінай Брэсцкай вобласці. Аздамічы далёка размешчаны ад асноўных шляхоў зносін. Так,  да жалезнадарожнай станцыі Гарынь адлегласць 70 кіламетраў.  Адлегласць ад вёскі да раённага цэнтра складае 63 кіламетры, а да абласнога – 310 кіламетраў. Самыя блізкія вялікія прамысловыя прадпрыемствы знаходзяцца ў г.Давыд-Гарадку, гэта філіял Брэсцкага электрамеханічнага завода і ў г.Мікашэвічы – камбінат цяжкіх матэрыялаў. Тэрыторыя, якую займае паселішча, складае каля 5,2 кв.км. Вёска працягнулася з захаду на ўсход на 5.5 км., а з поўдня на поўнач – 1км. У вёсцы налічваецца 431 двор. Агульная колькасць жыхароў 1240 чалавек.

Падводзячы вынік, трэба адзначыць, што вёска Аздамічы з’яўляецца па велічыні сярэднім сельскім населеным пунктам Столінскага раёна. Калі ўлічваць, што в.Рубель налічвае каля 6.5 тысяч жыхароў, больш як 1.5 тысяч двароў, а самыя маленькія паселішчы налічваюць не больш як 50 двароў.

Паходжанне назвы вёскі

З даўніх часоў на тэрыторыі вёскі сяліліся людзі. Аб гэтым нам гавораць рэшткі старажытных паселішчаў ва урочышчах Хвойца і Селішча. Тут знойдзены каменныя прылады працы і рэшткі глінянага посуду, а таксама магільнік.

Першыя успамінанні аб в.Аздамічы у пісьмовых крыніцах адносяцца да пачатку 16 ст. Упершыню вёска успамінаецца у грамаце гарадзецкага князя Свідрычыйлы “Аб перадачы зямель Федку Вайніловічу” ад 2 мая 1508 года. Затым Аздамічы успамінаюцца пад 1509 годам у грамаце Тураўскага князя Канстанціна Астрожскага, які дараваў турава-пінскаму епіскапу Арсенію два сельца – Аздамічы і Альгомель.

Адкуль пайшла назва вёскі дакладна вядома. Із вуснаў старажылаў вядома некалькі расказаў аб паходжанні назвы. Вось некаторыя з іх.

Калісьці на тэрыторыі вёскі ва урочышчы Мельнікі пражывалі два браты – леснікі. Бацька іх звалі Адамам. Лес і зараз адыгрывае у жыцці людзей вельмі важнае значэнне, а тады гэта была асноўная каштоўнасць. І к гэтым братам часта прыходзілі людзі, каму патрэбна было збудаваць дом (хату), каму дровы. Звяртаючыся да лескікоў, людзі называлі іх Адамавічы. Пазней і месца дзе яны жылі і вёску таксама пачалі называць Адамавічы. А да нашага часу дайшло ужо Аздамічы.

Адзін з вясковых дзядуль паведаміў вось такую гісторыю паходжання назвы вёскі. Калісці у вёсцы жылі вельмі драчлівыя хлопцы. У сваіх спрэчках з юнакамі іншых вёсак, і паміж сабой, яны часта ужывалі выразы:”От дам”, “Зараз дам”. Так іх пачалі называць Отдамавічы, а пазней і вёску. З цягам часу Отдамавічы ператварыліся у Аздамічы.

Найбольш распаўсюджаным расказам аб паходжанні назвы в.Аздамічы з`яўляецца разказ аб яе першым жыхару Аздаку, які пасяліўся тут у старажыткасці і пабудаваў мельніцу. Да яго у мельніцу прыезджала шмат людзей. Пазней вакол яго пачалі будавацца дамы. Так узнікла вёска. А назву атрымала ад першага жыхара Аздама – Аздамічы.

Урочышча “Жэрдзі”

Гэта урочышча знаходзіцца каля вёскі Аздамічы (на поўдні). Яно размяшчаецца адразу за вёскай на пойменных лугах. Калісці тут складвалі жэрдзі, якія прывозілі з лесу. З гэтых жэрдзяў рабілі загарадзі, дзе стаялі каровы падчас пашы. Як успамінаюць старажылы тут нават будавалі для кароў і хлявы. У гэтыя “стадніцы”(абгароджванні) прыганялі кароў для дойкі і  на начлег. Тады кароў даілі тры разы на дзень. Па тым колькі ў чалавека кароў лічылі і на колькі ён багаты. Таму гэта месца назвалі “жэрдзі”, з-за жэрдзяных загарадзяў і жэрдзяных хлявоў.

Урочышча “Муцьвіца”

Гэта урочышча таксама знаходзіцца паблізу вёскі. У даўнія часы “Муцьвіцу”  называлі “Затон”. Праз яго вясной цякло шмат вады, выглядала як рэчка. Але летам рака мялела і вада ў “Затон” не паступала. Тут у “Затоне” вымачвалі канаплю для таго каб зрабіць ніткі і зткаць палатно. Вада ад канапель рабілася мутнай, нават рыба чамрэла. Таму тут часта можна было сустрэць і рыбакоў.

Урочышча “Лошыцы”

Калі Аздамічы намнога меньшыя па памерах і навокал падступалі балоты, добрых дарог тады не было. Дарогі пракладвалі праз балоты намошчваючы іх жэрдкамі і веццем. Па такіх сцежках хадзілі на свае сенажаці або валокі (ворныя землі), што былі параскіданы сярод балот ці затонаў.

Аднак не толькі людзі пракладвалі сцежкі па балоце, але і звяры. На ўсходзе, праз балота, з поўдня на поўнач, праходзіла такая сцежка. Як сёння прынята гаварыць – міграцыйны карыдор. Гэта сцежка была ласіная. Па гэтай сцежцы з нашага лесу ў Мікашэвіцкія пушчы пераходзілі ласі. Недалёка ад вёскі ласі спачывалі. Таму гэтае месца сталі называць ласіцы.Да нашага часу назва мясціны дайшла як “Лошыцы”.

Урочышча “Цім’яніца”

Калісці даўным даўно, калі наша мясцовасць выглядала зусім інакш, нетак як сёння. Дзе было шмат балот і віроў. Знайсці высокае і добрае месца для пасялення было цяжка. У тыя часы кожную вясну здараліся павадкі, якія затоплівалі ўсе нізіны. Для таго каб выратаваць сваю гаспадарку людзі шукалі самыя высокія месцы. На гэтыя астраўкі зганялі ўсю жывёлу на перыяд павадку. Такое месца сталі называць “цімень”. Менавіта ад яго і пайшла назва урочышча – “Цім’яніца”.

Урочышча “Мельнікі”

Гэта ўрочышча ўзнікла вельмі даўно, калі вёска Аздамічы была зусім не такая, як зараз. На гэтым месцы, дзе зараз стаяць дамы, раней былі балоты і віры. Сярод гэтых балот было адно высокае месца. Тут мельнік пабудаваў ветраную мельніцу. Да гэтага мельніка з’яжджаліся ўсе людзі з прылеглых тэрыторый. Праз некаторы час вакол мельніка і яго мельніцы пачалі сяліцца людзі з навакольных весак. Так з цягам часу ўсё ўрочышча “Мельнікі” было заселена і ўзнікла вёска Аздамічы.

 Мясцовыя старажылы расказалі яшчэ адну цікавую гісторыю звязаную з урочышчам “Мельнікі”. Калісьці даўно ва ўрочышчы было вырашана пабудаваць вадзяную мельніцу. Гэтаму садзейнічала яшчэ і тое, што ўрочышча размяшчалася недалёка ад рэчкі Моства. Для гэтага было вырашана выкапаць канал ад рэчкі да ўрочышча “Мельнікі” і зноў да рэчкі. Канал гэты праходзіў каля самай вёскі, у 20 метрах ад царквы і жылых пабудоў. Пазней людзі і гэты канал сталі называць рэчкай, бо быў вельмі падобны на раку.

На сённяшні час гэты канал перасыпаны меліарацыйнай дамбай. Рэшткі яго відаць і зараз. Найбольш ён захаваўся ва ўрочышчы “Мельнікі”, дзе засталася так званая “Камарышына бухта”. А астатняя частка канала зарастае лазой, бур’янамі. Некаторыя жыхары скідваюць туды смецце. І з цягам часу рэшткі канала знікнуць зусім